Доктару, на сямʼю якога напаў АМАП, адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы

Дзьмітры Серада

Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ў жніўні ўчынілі гвалтоўнае затрыманьне ў кватэры лекара Дзьмітрыя Серады. Пра гэта паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org.

Серада накіроўваў скаргу ў СК з просьбай выявіць і прыцягнуць да адказнасьці асоб, якія аддалі распараджэньне правесьці штурм яго кватэры і затрымаць яго ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе, а таксама тых, хто зьбіваў яго пры затрыманьні і дастаўцы ў РУУС Заводзкага раёну Менску 4 жніўня.

Праз два месяцы ў адказ на сваю скаргу заяўнік атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

Як паведамляецца ў пастанове, затрыманьне Дзьмітрыя Серады праводзілася «ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», рашэньне аб прыцягненьні да затрыманьня супрацоўнікаў АМАПа «было прынятае абгрунтавана» і «якога-небудзь гвалту ў адносінах да затрыманага зь іх боку не ўжывалася». Адзначаецца, што «для пераадоленьня магчымага супраціву» з боку Серады АМАПаўцамі выкарыстоўваліся кайданкі і фізычная сіла, «неабходная для фактычнага затрыманьня, у выглядзе загіну рукі за сьпіну».

Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзьмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзьверы і шкло дзьвярэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і, працягваючы зьбіваць у спэцаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводзкага раёну Менску. Затрыманы быў дапытаны ў якасьці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў сьледчага «адпалі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай».